Пятница 03.05.2024 08:36 |
Приветствую Вас Гость Главная | Регистрация | Вход | RSS |
|||||||||||||
|
Нисимковичи: взгляд через столетияИсторияУзнікненне вёскі Нісімкавічы
Пра ўзнікненне вёскі Нісімкавічы існуе некалькі паданняў. Найбольш цікавае з іх наступнае. Некалькі стагоддзяў таму , на беразе прыгожай і паўнаводнай ракі Покаць жылі тры браты – Анісім, Улас і Сідар, прычым пасяліліся яны адзін ад аднаго праз пяць вёрстаў. Займаліся браты нялёгкай сялянскай працай. Яны ўзворвалі драўлянай сахой невялікія лясныя палянкі, засявалі іх збажыной, лавілі рыбу, гадавалі жывёлу, ставілі вуллі, здабывалі мёд. На рачных берагах браты нарыхтоўвалі лес і сплаўлялі яго па Покаці ў Сож, дастаўлялі ў розныя населеныя пункты. Старэйшы брат Анісім, жыў ніжэй па цячэнню ракі, і на месцы яго жыхарства вырасла вёска Нісімкавічы. Праз пяць вёрстаў ад яго вышэй па рацэ пасяліўся сярэдні брат Улас, які заснаваў вёску Валосавічы, а яшчэ праз пяць вёрстаў – малодшы брат, Сідар (з яго іменем звязана ўзнікненне вёскі Сідаравічы). Імя Анісім у мясцовай гаворцы пачало вымаўляцца як Анісімка, Нісімка. Усе патомкі Нісімкі, ці яго падданыя сталі называцца нісімкавічамі, а затым калектыўная мянушка “нісімкавічы” было перанесена на само пасяленне. Так узнікла геаграфічная назва. Хутчэй за ўсё гэта найменне, як і сама вёска, узнікла ў ХІУ-ХУ стагоддзях. Такі вывад можна зрабіць на той падставе, што засваенне хрысціянскіх імёнаў і іх адлюстраванне ў геаграфічных назвах асабліва актыўна адбываліся менавіта ў ХІУ-ХІ стагоддзях. Такім чынам, можна з поўным правам сцвярджаць, што вёска Нісімкавічы налічвае ці не пяць вякоў сваёй гісторыі. Але ў наваколлях Нісімкавіч людзі пасяліліся яшчэ на рубяжы новай эры. Аб гэтым сведчыць гарадзішча, размешчанае ў паўкіламетры на поўдзень ад вёскі, на левым беразе ракі Покаць. Тут захавалася частка абарончага вала вышыней да паўтара метра, пры раскопках археолагамі знойдзены вуголле, попел, абпаленыя камяні, абломкі глінянага посуду. Побач з гарадзішчам, на левым беразе ракі, а таксама насупраць гарадзішча, на правым беразе Покаці, знаходзяцца курганныя могільнікі. Вышыня курганаў невялікая – 0,5 – 1,5 метра. Робячы іх раскопкі, археолагі знайшлі пахаванні разам з рознымі рэчамі – жалезнымі нажамі, спражкамі, посудам, шклянымі і бурштынавымі пацеркамі, бронзавымі скроневымі кольцамі, пярсцёнкамі. У курганах хавалі сваіх аднапляменнікаў радзімічы, члены вялікай тэрытарыяльнай абшчыны, якая пасялілася ў наваколлях Нісімкавіч, на месцы старажытнага гарадзішча і вакол яго ў Х-ХШ стагоддзях. Тут жа, у прыбярэжных урочышчах, якія сёння нам вядомы пад назвамі Курганне, Белая Гара, Белая Круча, адкрыты радзіміцкія селішчы. Назвы гэтых урочышчаў гавораць самі за сябе, але ўзніклі яны параўнальна нядаўна і да часу радзімічаў (Х-ХШ стагоддзі) адносін не маюць. Мы ніколі ўжо не даведаемся, якімі імёнамі называлі нашы далёкія продкі свае селішчы ... Абапал Покаці раскінулася вёска Усе археалагічныя помнікі, аб якіх ідзе гаворка, маюць значную навуковую каштоўнасць. Першы раз ў канцы ХІХ стагоддзя іх даследаваў вядомы беларускі археолаг Е.Р. Раманаў, які апісаў гарадзішча і курганны магільнік і раскапаў 7 курганаў. У 1981 годзе раскопкі магільніка былі адноўлены археалагічным атрадам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, у 1982-1985 гадах – экспедыцыяй гэтага ж універсітэта і Інстытута гісторыі АН БССР. Былі ўскрыты яшчэ 21 курган і больш 1500 квадратных метраў плошчы неўмацаваных пасяленняў. У ходзе археалагічных раскопак выяўлена, што шматвяковая гісторыя захавала рэшткі нісімкавіцкіх пасяленняў. Жыллёвыя пабудовы адносяцца да паўземляначнага тыпу, гэта значыць, іх ніжнія часткі ўглыблены ў грунт, а форма дома, у якім магла жыць адна сям’я, была квадратнай або прамавугольнай. Сцены ўзводзіліся з бярвенняў, умацаваных зрубам або вертыкальнымі слупамі. У двух жыллёвых пабудовах захаваліся ачагі, устроеныя на ўзроўні земляной падлогі, а ў адной печ-каменка. Дым з печаў выходзіў у памяшканне, а затым праз невялікія ваконцы ў сценах – на двор. Ад дахаў слядоў не засталося, але, напэўна, яны былі драўляныя, мелі двухскатную або шатравідную форму. Прыкладна ў УІІ стагоддзі нашай эры пасяленні апусцелі. Толькі на тэрыторыі аднаго з іх знойдзены абломкі посуду, характэрнага для УІІІ – пачатку Х стагоддзяў. У сярэдзіне Х – пачатку ХІ стагоддзяў людзі перасяліліся на тэрыторыю сучаснай вёскі Нісімкавічы. Нашы далёкія продкі былі выдатнымі ганчарамі: пры раскопках знойдзена некалькі тысяч абломкаў глінянага посуду, вырабленага на ручным ганчарным крузе. Гаршкі ўпрыгожваліся лінейным і хвалевым арнаментам, насечкамі, адпячаткамі грабёнкі. Назва суседняй вёскі Рудня Нісімкавіцкая сведчыць аб тым, што мясцовыя жыхары займаліся здабычай і апрацоўкай жалезнай руды, якую здабывалі ў пойме ракі Покаць. Раскопкі магільнікаў сведчаць, што ў ХІІ стагоддзі нашы продкі былі язычнікамі: у іх не знойдзена ніводнага крыжа. На пляцоўцы будучага кургана спальвалі пласт валежніку, каб агнём адагнаць злых духаў, затым над нябожчыкам узводзілі насып. У магілу клалі рэчы памёршага, так як лічылі, што яны спатрэбяцца нябожчыку на тым свеце. У гліняным посудзе пакідалі ежу.
Жыхары вёскі Нісімкавічы, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Прозвішча, імя, імя па бацьку Год нараджэння Год смерці
Ніхто не забыты.... У кастрычніку 1943 года вёска Нісімкавічы была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў 169-й стралковай дывізіяй. Пры яе вызваленні загінуў 31 воін Савецкай Арміі: Шыльнікаў Сяргей Яўграфавіч Рубцова Вольга Сямёнаўна Дзякаў Міхаіл Іванавіч Шчалкуноў Васіль Цімафеевіч Кучанаў Аляксей Пракопавіч Лук'янаў Мікалай Мікалаевіч Лаёк Іван Кандратавіч Зусь Яўген Рыгоравіч Трух Дзяніс Паўлавіч Мухамедзіраў Ажар Камал Колатаў Андрэй Рыгоравіч Цярэшчанка Андрэй Ільіч Гарбачоў Васіль Іванавіч Аксёненка Васіль Карпавіч Агрэліч Павел Фёдаравіч Шарыпаў Сідуло Калачоў Кірыл Герасімавіч Камароў Іван Іванавіч Цідзітдзінаў Махмуд Макараў Аляксандр Ульянавіч Блізняцоў Аляксей Мікалаевіч Мамантаў Аляксандр Іванавіч Слепчанка Лявонцій Мікалаевіч Овадаў Яўген Ільіч Юлін Аляксандр Фёдаравіч Трачынскі Анатолій Напалеонавіч Чэхаў Аляксандр Якаўлевіч Брулёў Васіль Рыгоравіч Літвяков Валянцін Міхайлавіч Дранякін Аляксей Гаўрылавіч
Праз усё жыццё пранеслі веру
Пяць-шэсць разоў на год, на галоўныя святы, пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці выязджае ў Чачэрскі раён, каб правесці Набажэнства ў невялікай вёсцы Рудня Нісімкавіцкая. Дзіўна, але некалькі стагоддзяў ва ўсходняй частцы Беларусі, дзе з-за ўплыву Расіі здаўна пераважае праваслаўная традыцыя, жыве каталіцкая вёска. Прычым, у апошнія семдзесят год у яе жыхароў не было пэўнага месца для малітвы, і сустракацца даводзілася таемна. Па легендзе,вёску заснавалі тры браты, якія прыехалі з Польшчы. З імі ў гэтыя месцы і прыйшла Каталіцкая Царква. Вера расцвітала і прыцягвала ўсё больш людзей, але адбылася рэвалюцыя, і ў часы ваяўнічага атэізму бальшавікі ўзарвалі драўляную капліцу пачатку 19 стагоддзя. Толькі змаглі людзі не страціць веру: па нядзелях яны збіраліся па хатах на Літургіі, на Вялікдзень ладзілі Усяночныя, чыталі Слова Божае, маліліся. – - Калі да ўлады прыйшоў сатана, сабраў ксёндз сваіх чадак і сказаў: разбягайцеся ў масы народа, легалізуйцеся. Вас будуць ссылаць, расстрэльваць. Так і здарылася з большасцю дзяўчат, якія спявалі ў хоры, - распавядае састарэлы Кузьма Гулевіч, які змог пранесці веру праз усё жыццё, а зараз адкрывае свой дом для сумесных малітваў з аднавяскоўцамі-каталікамі. У вёсцы і цяпер няма храма, а да бліжэйшага касцёла каля 80 кіламетраў. Таму да гэтага часу вернікі збіраюцца ў звычайным жылым доме на Літургіі, з нецярпеннем чакаючы святаў і прыезду святара з Гомеля. У гэтыя дні яны могуць паспавядацца і прыняць Святую Камунію. Наведаў ксёндз каталікоў Рудні Нісімкавіцкай і ў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Напярэдадні наваліла снегу, але дабрацца па прасёлкавых дарогах да хаты Кузьмы ўсё ж атрымалася. Уваходзім у дом, выціраючы на ганку боты венікам. У хаце прыемны пах нядаўна пратопленай печы. У зале каля дваццаці вернікаў ужо падрыхтавалі алтар, накрыўшы стол белым абрусам.Расставілі зэдлікі і лаўкі.
Але ўсім месцаў не хапае, таму нехта сядае на ложках. Пачынаецца Імша, і на ўваход ксяндза бабулі пачынаюць спяваць, асцярожна дастаючы з хустачак старажытную патрапаную кніжыцу. На казанне святара людзі рэагуюць жыва, уздыхаюць і чухаюць патыліцы, уважліва слухаюць, ловячы кожнае слова. Пасля Набажэнства вяскоўцы доўга не адпускаюць ксяндза, гавораць аб сваім быцці, распытваюць аб апошніх навінах Царкоўнага жыцця. Чаму сённяшняе свята ў народзе называюць «Ганна»? Праўда, што бліжэйшы Вялікдзень будзе так позна? Ці палепшыліся адносіны Ватыкана з Масквой? За прыгатаваным ад душы абедам – супам з кацялка, блінцамі і мядовымі піражкамі з печы –просім Кузьму распавесці аб тым, як удалося жыхарам вёскі зберагчы ў сваіх сэрцах веру, якую многія хацелі так жорстка адабраць і растаптаць: «Мама нас, дзяцей, на каленкі станавіла, вучыла маліцца са школьных гадоў. І мы верылі маці, хоць у школе і казалі, што Бога няма. А я разважаў пра тое, як уладкавана прырода, і пераконваўся, што не можа яна існаваць самастойна, ёй хтосьці кіруе: нейкая вышэйшая духоўная магутная сіла. Гэта значыць, акрамя таго, што казала маці, усё пераконвала ў тым, што Бог ёсць. І калі я ў войску служыў, пасля суровых напружаных дзён лез пад халодную коўдру, чытаў «Ойча наш». Бываў на парозе смерці, але ўсё абышлося. А пасля арміі стаў пісаць іконы. Калі дзяўчаты з вёскі выходзілі замуж, многія прасілі мяне намаляваць абраз - хацелі з Богам пачынаць сямейнае жыццё. На мяне ж пачаліся ганенні, некаторыя смяяліся з мяне і з іншых. Але вось, выжылі. Збіраліся па хатах маліцца, а нас хадзілі і разганялі. Нас збірала вялікая сіла веры ў Бога. Нам нават зайздросцілі праваслаўныя з суседніх вёсак, казалі: гэта ж трэба, як моцна палякі вераць! У нас заўсёды былі людзі, якія вялі, кіравалі. І Гасподзь умацоўваў нашу веру пэўнымі падзеямі. Неяк вакол вёскі я ўсталяваў шэсць крыжоў, адзін стаяў на перакрыжаванні. Падчас акупацыі фашыстамі мая маці з некалькімі дзесяткамі жанчын станавіліся каля гэтага крыжа на каленкі і маліліся за ўцаленне вёскі ад пажараў і за хутчэйшае заканчэнне вайны. Хадзілі партызаны, але нас не чапалі. І паступова нас вызвалілі. І ўсе вёскі у акрузе згарэлі, а наша засталася цэлай! Сучасных дзяцей і моладзь цяпер цяжка прывучыць да малітвы - не хочуць! Напэўна, гэта прыйдзе з узростам, пакуль само жыццё не зверне да Бога. Але самае галоўнае - перадаваць веру ў сям'і".
Па матэрыялах сайта: www.gomel.catholic.by
СТАРАДАЎНІЯ АДЗІНКІ ВЫМЯРЭННЯ НА БЕЛАРУСІ
Асьміна – мера аб’ёму сыпкіх рэчываў, роўная прыблізна 51л. Валока – адзінка вымярэння зямельнай плошчы, роўная 21,36га. Вярста – адзінка вымярэння даўжыні, роўная прыблізна1554,6 м. Вяршок – адзінка вымярэння даўжыні, роўная 4,4 см. Грыўня – 1) адзінка вагі каштоўных металаў. Важыла прыблізна 195,9 г. 2) грашовая адзінка ў Вялікім княстве Літоўскім вартасцю 48 грошаў (15 кап.). Дзесяціна – адзінка вымярэння зямельнай плошчы. Найбольш пашырана была так званая новая (казённая) дзесяціна – 1,0925 га. Залатнік – мера масы, роўная прыблізна 3,9 г. Кварта – адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў і вадкасцей. Раўнялася 0,70577 л. Локаць – адзінка вымярэння даўжыні. Раўнялася 65 см. Лот – адзінка вымярэння масы. Раўнялася 11,71 г. Пуд – адзінка вымярэння масы. Велічыня яго вагалася ад 15 да 18,7 кг. Сажань – адзінка вымярэння даўжыні, роўная 194,8 см. Талер – буйная сярэбраная манета масай 28-30 г. На тэрыторыі Беларусі абарачалася з XVI ст. Чвэрць – мера аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей замест ранейшага карца. Раўнялася 101,62 л. Фунт – мера масы. Велічыня яго вагалася ад 360 да 450 г, з 1766 г – 374,82 г.
|
Copyright MyCorp © 2024 | Конструктор сайтов - uCoz |